Будзьма еўрапейцамі! Фестываль сярэднееўрапейскай літаратуры “ШЭНГЕНКА” пройдзе ў сакавіку
Фестываль сярэднееўрапейскай літаратуры, першы ў гісторыі Беларусі, адбудзецца ў Мінску ў сакавіку. “Шэнгенка” — гэта магчымасць пазнаёміцца з літаратурнымі і філасофскімі творамі еўрапейскіх зорак першай велічыні. Імпрэзы, прысвечаныя літаратурам і філасофска-сацыялагічнай думцы краін Сярэдняй Еўропы, цягам месяца пройдуць у цэнтры Мінска ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” (пр. Незалежнасці, 37а). Цэлы сакавік у сумежнай з галерэяй кнігарні “логвінаЎ” будзе стаяць асобная палічка з перакладамі твораў чэшскіх, венгерскіх, славацкіх і польскіх пісьменнікаў, філосафаў і сацыёлагаў. Сучасныя і класічныя — падыходзьце і набывайце ці проста чытайце.
Ініцыятар праекта — “Лабараторыя навуковага і мастацкага перакладу”, што аб’ядноўвае пачаткоўцаў і прафесіяналаў у галіне перакладу тэкстаў з замежных моваў, а таксама даследуе і распрацоўвае беларускую гуманітарную навуковую тэрміналогію і прынцыпы транслітарацыі. Кнігі серыі “Сярэдняя Еўропа” — плён двухгадовай дзейнасці лабараторыі па перакладзе твораў сучасных чэшскіх, славацкіх, венгерскіх і польскіх аўтараў на беларускую мову.
Суарганізатар — культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, ініцыятыва, якая паўстала ў сярэдзіне “нулявых” і з’яднала большасць актыўных прадстаўнікоў айчыннай культуры для пераадолення культурнай разрозненасці беларусаў. Кампанія фармуе моду на беларусацэнтрычны падыход ва ўсіх сектарах грамадства. Падтрымка кампаніяй такіх фестываляў — важны крок дзеля пашырэння еўрапейскага мыслення ў нашай краіне па-беларуску.
Як суарганізатар да праекта далучаецца ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” — найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі, што спрыяе развіццю беларускай літаратуры і мовы. Саюз беларускіх пісьменнікаў створаны дзеля абароны творчых правоў, прафесійных і сацыяльных інтарэсаў літаратараў, дзеля аховы творчай спадчыны.
Геаграфічная і гістарычная блізкасць лёсаў дзяржаваў Сярэдняй Еўропы — Чэхіі, Венгрыі, Славакіі, Польшчы — з Беларуссю відавочная. Многія развагі і высновы пісьменнікаў і мысляроў сярэднееўрапейскага рэгіёна цікавыя і актуальныя для нашай краіны.
Расклад імпрэзаў фестывалю сярэднееўрапейскай літаратуры “ШЭНГЕНКА” глядзіце на сайце! http://www.prastora.org/news/festyval-syarednee%D1%9Erapejskaj-litaratury-%E2%80%9Cshengenka%E2%80%9D-032013.html