Прывітанне!
Натхніўшыся стайлгайдам убунтаўскага перакладу, напісаў
свой. За ўсе заўвагі і пажаданні буду вельмі ўдзячны.
Якім хацелася б бачыць пераклад
1. Дакладным
2. Паслядоўным
3. Сумяшчальным з іншымі
4. Ясным
5. Лаканічным
6. Напісаным добрай мовай
Дакладны пераклад найбольш поўна перадае сэнс арыгінала.
Зазначу, што даслоўны пераклад, як правіла, не робіцца
дакладным аўтаматычна, бо розныя мовы выкарыстоўваюць
розныя сродкі для перадачы акцэнту, звычайна маюць розны
характэрны парадак слоў, а "ілжывыя сябры перакладчыка"
падсцерагаюць на кожным кроку.
Паслядоўны пераклад спасылаецца на адну і тую ж рэч адным і
тым жа словам. Гэта характэрная рыса тэхнічных тэкстаў.
Гласарый - інструмент для яе дасягнення. Аднак, не ўсе
паняцці ў тэхнічным тэксце патрабуюць адназначнасці, інакш
кажучы, тэрміны і агульная лексіка - гэта розныя рэчы.
Што да сумяшчальнасці, то кожны праграмны прадукт існуе не
ў вакууме, а ў асяроддзі іншых праграм. Карыстальнікі
прызвычайваюцца да таго, што сустракаюць, і гэта трэба
ўлічваць.
Ясны пераклад не патрабуе асаблівых намаганняў, каб
зразумець напісанае. Для лёгкасці ўспрыняцця бывае прасцей
апісаць, што будзе адбывацца ў пэўным выпадку, чым шукаць
адпаведнікі для паняццяў арыгінальнага інтэрфейсу. Але
трэба ўлічваць, што гэтая парада супярэчыць патрабаванню
дакладнасці.
Што да лаканічнасці, то "празмерныя таўталагічныя паўторы"
будуць памылкай, бадай, у кожнай жывой мове. Асобны элемент
інтэрфейсу - толькі частка праграмы, і яго дакладнае
значэнне вынікае з кантэксту. Калі кантэкст дастаткова
ўдакладняе выкарыстаны тэрмін, паўтараць удакладненне не
трэба.
Добрая мова - дужа шырокае паняцце, і ўключае і ўжо
згаданую лёгкасць для ўспрыняцця (чытэльнасць), і
адсутнасць шматслоўя (лаканічнасць), і шмат чаго яшчэ.
Адзначу тут разнастайнасць, дзеля якой існуюць розныя віды
сказаў і поўныя сінонімы, і якую ўскосна можна ацаніць па
адлегласці паміж словамі. Спынюся на недахопе, які ўзнікае
сам сабой пры машынным перакладзе - напластаванні
назоўнікаў, калі яны ідуць адзін за адным, тры ці больш, і
гэта не пры пераліку. У чыставым варыянце такое хацелася б
сустракаць як мага радзей.
--
Мікалай Удодаў <
cro...@tut.by>