The Belarusian British Newsletter
Беларуская рассылка ў Вялікабрытаніі
#10 (52) / Сьнежань 2010
See pdf version attached
Рэдакцыя "Беларуса на Чужыне" сардэчна віншуе Вас з надыходзячым новым 2011 годам!
Зьмест:
Навіны
Анонсы падзеяў
16/01/2011 – Пікет салідарнасьці зь Беларусьсю перад амбасадай РБ
Абвесткі
НАВІНЫ
19 сьнежня ў Беларусі прайшлі выбары прэзыдэнта. Навечар пасьля галасаваньня ўлады зь беспрэцэдэнтнай жорсткасьцю разагналі шматтысячны мітынг дэмакратычнай апазыцыі. Больш за 600 чалавек былі арыштаваныя, многія моцна зьбітыя, у тым ліку кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў. АБСЭ прызнала выбары неадпавядаючымі дэмакратычным стандартам, многія ўрады, у тым ліку ўрад Вялікай Брытаніі, асудзілі жорсткі разгон дэманстрацыі.
Салідарнасьць з палітычнымі вязьняі ў Беларусі
19 сьнежня, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, у Лёндане прайшла акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю. Да амбасады Беларусі, дзе ў той дзень працаваў выбарчы ўчастак, выйшла каля дзясятка чалавек пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Навечар адбылася прэзэнтацыя фільма Staging a Revolution, прысьвечанага беларускаму «Свабоднаму тэатру» і паказанага па BBC. Прэзэнтацыю ладзіла праваабарончая арганізацыя Index on Censorship.
22 сьнежня перад амбасадай Беларусі прайшоў пікет салідарнасьці з палітвязьнямі. Акцыя была арганізаваная Index on Censorship і сабрала каля 50 чалавек. На пікеце выступілі вядомы драматург Том Стопард і актор Іан Маккелен. Былі зачытаныя звароты некалькіх знакамітых тэатральных дзеячоў у падтрымку беларускіх палітвязьняў. Брытанскія рэжысэры, акторы й сцэнарысты перадусім патрабавалі ад беларускіх уладаў вызваленьня арыштаваных актораў Свабоднага тэатру.
Эмацыйна выступіла сястра кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, якая заклікала ўсіх прысутных пашыраць у вольным сьвеце праўду пра падзеі ў Беларусі. Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам дамагацца правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі.
Удзельнікі акцыяў заклікалі жыхароў Вялікай Брытаніі звяртацца да парлямэнтароў свайго раёна (MP) і папрасіць падняць пытаньне абароны правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Таксама ёсьць мажлівасьць далучыцца да дзьвюх кампаній, арганізаваных Amnesty International:
Супраць арышту лідэраў апазыцыі: http://tinyurl.com/2uoqv6x
Супраць пытак палітвязьняў: http://tinyurl.com/2uv2xh5
На сайце http://belarusdigest.com лёнданскія беларусы рэгулярна рыхтуюць матэрыялы з мэтай інфармаваць ангельскамоўную аўдыторыю пра апошнія падзеі на Беларусі
Сьвята Божага Нараджэньня
18 сьнежня, нягледзячы на моцны сьнегапад, што спаралізаваў транспарт, у Беларускім доме адбылася традыцыйная сьвяточная Батлейка. Гэтым разам яе бліскуча гралі Павал Шаўцоў і Саша Белавокая.
24 сьнежня, напярэдадні сьвята Нараджэнья Хрыстовага, у Беларускай каталіцкай місіі адбылося ўрачыстае набажэнства. Паводле сайту belarusians.co.uk, «і напярэдадні Божага Нараджэньня, і ў сам дзень сьвята супольнасьць прыгадвала нявінна пацярпелых. Айцы Аляксандар Надсан і Сяргей Стасевіч маліліся за вызваленьне зьняволеных і супакой у краіне».
Калядны зварот а. Аляксандра Надсана можна знайсьці тут: http://tinyurl.com/37qchz4
90-я ўгодкі Слуцкага збройнага чына
Адзначэньне 90-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну ў Лёндане прайшло пад знакам ушанаваньня памяці аднаго зь яго удзельнікаў Лявона Рыдлеўскага, пахаванага на Гампстадзкіх могілках. Узноўленае надмагільле адчыніла Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Помнік асьвяціў а. Сяргей Стасевіч. Пасьля адбылася ўрачыстая імпрэза ў Беларускім доме. Зь цікавай і зьмястоўнай лекцыяй пра Слуцкі збройны чын выступіў Мікола Пачкаеў. Успамінамі пра Лявона Рыдлеўскага падзяліліся Івонка Сурвіла і а. Аляксандар Надсан, якія ведалі яго асабіста.
Фота зь мерапрыемства: http://tinyurl.com/2v3yt5g
Прэзэнтацыя кнігі пра а. Аляксандра Надсана
11 сьнежня ў Беларускім доме адбылася трэцяя і заключная – пасьля Вільні й Менску – прэзэнтацыя зборніка артыкулаў па беларусістыцы й багаслоўі «Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца». 100 аўтараў з 14 краін сьвету ахвяравалі свае арыгінальныя дасьледаваньні ў 14 гуманітарных і 9 тэалягічных дысцыплінах, а таксама вершы а. Аляксандру з нагоды ягоных двох юбілеяў: 80-годзьдзя з дня нараджэньня і 50-годзьдзя сьвятарства. Пра кнігу распавяла ініцыятар, укладальніца і адзін з трох навуковых рэдактараў кнігі доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая (два другія – Арнольд Макмілін і Генадзь Сагановіч). На прэзэнтацыі выступілі старшыня Ўправы ЗБВБ Лёля Міхалюк і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, а таксама прысутныя там аўтары зборніка.
Фота зь мерапрыемства: http://tinyurl.com/32w6rds
АНОНСЫ ПАДЗЕЯЎ
Пікет перад амбасадай Беларусі
Калі: Нядзеля, 16 студзеня 2010
Дзе: Насупраць асбасады Беларусі ў Лёндане
6 Kensington Court, London W8 5DL
У дзень Салідарнасьці зь Беларусьсю плянуецца пікет перад
амбасадай Беларусі ў Лёндане з патрабаваньнямі неадкладнага вызваленьня ўсіх
палітычных зьняволеных (У. Някляеў,
А. Саньнікаў, М. Статкевіч, В. Рымашэўскі, І. Халіп і многія іншыя), спыненьня
рэпрэсій супраць іншадумцаў, абвяшчэньня новых прэзыдэнцкіх выбараў без удзела
А. Лукашэнкі. Калі ласка, сачыце за далейшымі паведамленьнямі.
АБВЕСТКІ
Беларускія набажэнствы
Беларускія грэка-каталіцкія набажэнствы адбываюцца ў Беларускім рэлігійна-культурным цэнтры ў нядзелю a 10:30 раніцы і штодня а 8:00 і 18:00. Па заканчэньні нядзельнага набажэнства – невялікае чаепіцьце. Усе жадаючыя сардэчна запрашаюцца.
КАРЫСНЫЯ РЭСУРСЫ
belarusians.co.uk – “Беларусы ў Вялікабрытаніі”, інфармацыйны блёг
skaryna.org - Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны ў Лёндане
pubb.org.uk – Прафэсійная асацыяцыя беларусаў Брытаніі (ПАББ)
ukbel.co.uk - Англа-беларускае таварыства
groups.google.com/group/Belondon - Рассылка для беларусаў у Лёндане
community.livejournal.com/belorusy_uk - Суполка брытанскіх беларусаў у ЖЖ
belarusdigest.com - Belarus Digest, дайджэст беларускіх навінаў у міжнароднай прэсе, вядзецца беларусамі зь Лёндану і ЗША
Суполкі на Facebook: Anglo-Belarusian Society, Belarusians in the UK
Суполка на Вконтакте.ru: Belarusians in the UK ‡ Беларусы ў Вялікабрытаніі (vkontakte.ru/club14078415 )
РЭДАКЦЫЯ
Алесь Чайчыц, Яраслаў Крывой, а. Сяргей Стасевіч
b...@bielar.us